МНС нагадвае: "Памылкі дарослых прыводзяць да трагедый з дзецьмі"
На летніх канікулах у дзяцей з'яўляецца шмат вольнага часу, і яны не заўсёды ведаюць, чым яго запоўніць, а калі да гэтага дадаць безадказныя паводзіны дарослых, то і да трагічнага выпадку недалёка.
Прыкладаў трагедый, дзе загубленае жыццё дзіцяці, на жаль, у краіне нямала, - распавядае начальнік Рагачоўскага раённага аддзела па НС Андрэй Анушкевіч. - Штогод канстатуюцца выпадкі гібелі і траўматызму. Лічбы статыстыкі гавораць больш красамоўна за ўсялякія словы: у 2023 годзе на пажарах загінула 9 дзяцей, у 2024-м - 11, за мінулы перыяд гэтага года зафіксавана 4 выпадкі. Увесну ў нашым раёне адбыўся пажар у доме шматдзетнай сям'і. Устаноўлена, што да пажару прывяло дзіцячае свавольства з агнём. Як такое магло адбыцца, калі дарослыя былі побач? Аказваецца, у іх былі свае клопаты, а ў дзіцяці - свая... гульня.
Андрэй Анушкевіч звярнуў увагу на тое, што з 1 чэрвеня па 31 жніўня для прадухілення гібелі і траўматызму дзяцей праходзіць інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя "Бяспечныя канікулы". Ратавальнікі расказваюць дзецям, якую небяспеку ў сабе ўтойваюць бескантрольныя гульні на вадзе, чаму трэба пазбягаць пясчаных кар'ераў і свавольстваў з агнём. А бацькам нагадваюць: небяспечна пакідаць дзяцей без нагляду.
У выпадку надзвычайнай сітуацыі тэлефануйце 101 ці 112.