Беларуская культура
Багатая культура Беларусі – самабытнасць, разнастайнасць стыляў, форм, напрамкаў...
Гісторыя беларускай культуры
Самабытная мастацкая культура Беларусі фармавалася на працягу стагоддзяў. Тут існавалі арыгінальныя архітэктурныя і мастацкія школы, ствараліся непаўторныя музычныя і літаратурныя творы.
Усе шэдэўры беларускага мастацтва, якія дайшлі да нашых дзён, знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Яны захоўваюцца ў калекцыях найбуйнейшых беларускіх музеяў, зборах бібліятэк. Класіка беларускай музыкі і драматургіі дэманструецца на тэатральных падмостках і ў канцэртных залах.
Сучаснае культурнае жыццё Беларусі дынамічнае і разнастайнае. У краіне праходзіць мноства мастацкіх выставак, музычных, тэатральных і кінематаграфічных фестываляў.
Усё гэта цікава і даступна як для беларусаў, так і гасцей краіны.
Выяўленчае мастацтва Беларусі
Выяўленчае мастацтва Беларусі разнастайнае па стылях, напрамках і жанрах. Самыя цікавыя творы беларускага жывапісу і скульптуры розных эпох можна ўбачыць у мастацкіх музеях краіны.
Найбуйнейшым зборам твораў мастацтва валодае Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Ён актыўна прапагандуе нацыянальнае мастацтва. Тут увесь час праходзяць выставы твораў беларускіх мастакоў.
Цікавыя калекцыі твораў беларускага мастацтва ў Віцебскім мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі, Полацкай мастацкай галерэі.
У многіх раённых цэнтрах Беларусі ёсць мастацкія галерэі, дзе можна ўбачыць працы мясцовых мастакоў.
Музыка ў Беларусі
Сучаснае музычнае мастацтва Беларусі імкнецца захаваць нацыянальныя традыцыі, адначасова развіваючы папулярныя ў свеце стылі і напрамкі. Творы беларускіх кампазітараў, сусветнай класічнай і эстраднай музыкі гучаць у выкананні як прафесійных, так і самадзейных музыкаў.
Вялікую папулярнасць заваявалі вядучыя музычныя калектывы краіны:
Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраваннем М. Фінберга
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр
Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла ім. Г.Шырмы
Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь ім. Г.І.Цытовіча
вакальны гурт "Чысты голас"
вакальна-інструментальны ансамбль "Песняры"
вакальна-інструментальны ансамбль "Сябры"
У Беларусі штогод праходзяць фестывалі, якія прадстаўляюць розныя напрамкі і жанры музычнага мастацтва:
"Беларуская музычная восень"
"Мінская вясна"
"Залаты шлягер"
"Музы Нясвіжа"
Сімвалам фестывальнага руху Беларусі стаў Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", удзел у якім прымаюць папулярныя артысты з розных краін свету.
Тэатр у Беларусі
Беларускі прафесійны тэатр развіўся са старажытных народных абрадаў, творчасці вандроўных музыкаў, прыдворных трупаў беларускіх магнатаў, дзейнасці аматарскіх калектываў мяжы XIX–XX стст. Цяпер у краіне працуе 28 дзяржаўных тэатраў, вялікая колькасць самадзейных народных калектываў, у т.л.:
лялечныя тэатры
драматычныя тэатры
музычныя тэатры
Самым праслаўленым тэатрам рэспублікі з'яўляецца Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Яго пастаноўкі заваявалі грандыёзны поспех як у айчыннага, так і ў замежнага гледача.
Тэатральнае жыццё Беларусі насычана яркімі фестывальнымі падзеямі. Пастаянную прапіску ў розных гарадах краіны атрымалі прэстыжныя тэатральныя фестывалі, на якія прыязджаюць калектывы з усяго свету. Сярод самых вядомых форумаў:
• Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" (Брэст)
• Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Панарама" (Мінск)
• Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў "Тэатральны куфар" (Мінск)
• Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "M@art. кантакт" (Магілёў)
• Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" (Мінск)
• Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек (Мінск)
У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" праходзіць упадабаная публіцы праграма "Тэатральныя сустрэчы".
Кіно ў Беларусі
Мастацтва кіно ў Беларусі развіваецца з 30-х гадоў ХХ стагоддзя. У 1924 г. створана Беларускае дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі - Белдзяржкіна. У 1928 г. у Ленінградзе адкрылася кінастудыя "Савецкая Беларусь", якая выпускала мастацкія, хранікальныя і навукова-папулярныя фільмы. У 1939-м студыя пераехала ў Менск, а з 1946-га носіць назву «Беларусьфільм».
Першы беларускі мастацкі фільм "Лясная быль" у 1926 г. стварыў рэжысёр Юрый Тарыч. Падчас Вялікай Айчыннай вайны беларускія дакументалісты аднымі з першых здымалі рэпартажы з фронту.
Тэма трагедыі народа стала адной з галоўных у пасляваеннай творчасці рэжысёраў Беларусі. Асаблівую нішу айчынныя кінематаграфісты з
анялі ў дзіцячым кіно. Сусветнае прызнанне заваявала беларускае дакументальнае кіно.
Сучаснае беларускае кіно працягвае традыцыі папярэдніх пакаленняў, шукае новыя шляхі развіцця. Айчынныя фільмы заваёўваюць узнагароды прэстыжных кінафестываляў свету. Драма "У тумане" (рэжысёр Сяргей Лазніца), знятая міжнароднай групай па аповесці Васіля Быкава, на 65-м Канскім кінафестывалі ў 2012 г. удастоена спецыяльнага прыза журы Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI.
У Беларусі ажыццяўляецца шмат сумесных праектаў з кінематаграфістамі краін свету. На "Беларусьфільме" здымалі фільмы Мікіта Міхалкоў, Пётр і Валерый Тадароўскія, Дзмітрый Астрахан, Аляксандр Сакураў.
У Беларусі праходзяць буйныя кінафестывалі:
Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" і конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзiк" (Мінск)
Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў (Брэст)
Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка" (Магілёў)
Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм "Magnificat" (Глыбокае)
Літаратура ў Беларусі
Літаратура стагоддзямі адыгрывала важную ролю ў культуры Беларусі.
Сярод найбольш вядомых пісьменнікаў і паэтаў Беларусі:
Сімяон Полацкі
Янка Купала
Якуб Колас
Максім Багдановіч
Васіль Быкаў
Трагічная гісторыя краіны паўплывала на тое, што тэма вайны доўгі час была вядучай у беларускай літаратуры.
Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь у Мінску валодае самым вялікім зборам друкаваных выданняў у краіне, а таксама правам атрымання абавязковага экзэмпляра. Тут сабраны самы вялікі за межамі Расіі збор кніг на рускай мове. У 2006 годзе адкрыты новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі, які мае ўнікальнае архітэктурнае рашэнне ў форме брыльянта, – прадмет нацыянальнага гонару беларусаў.
Штогод у Беларусі праводзіцца Дзень беларускага пісьменства. Канцэпцыя свята прадугледжвае адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі, а таксама развіццё беларускай літаратуры і культуры на сучасным этапе.