Ведаць сваю родную мову так жа неабходна, як і быць патрыётам краіны і годным яе грамадзянінам. Афіцыйнымі мовамі ў Беларусі лічацца беларуская і руская, аднак сваю родную мову сучаснае пакаленне амаль што запамятавала. На жаль, на беларускіх вуліцах усё радзей можна пачуць родную мову, а яна робіць нас унікальнымі, надае свой знак адрознення перад іншымі краінамі.
Адным з галоўных дасягненняў у перыяд дашкольнага дзяцінстваз’яўляецца авалоданне мовай. Першыя маўленчыя навыкі дзіця атрымлівае ў сям’і. Грамадскае дашкольнае выхаванне, з’яўляючыся першым звяном агульнай адукацыйнай сістэмы, закладвае асновы моўнай культуры асобы.
Мова — гэта не толькі сродак сацыяльнага ўзаемадзеяння, намінацыі рэчаіснасці, прылада інтэлектуальнай дзейнасці, рэфлексіі, самавыяўлення,самарэгуляцыі і сацыялізацыі асобы, але і ўвасабленне культурных і гістарычных каштоўнасцей народа. Мова таксама выступае асноўным механізмам этнагенезу (прыналежнасць пры нараджэнні да якой-небудзь нацыі), дзе за ёй замацоўваецца сігніфікатыўная функцыя, інакш кажучы, мова служыць знакам для нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
Працэс авалодання дзіцём мовай вельмі складаны, што абумоўлівае патрэбу ў педагагічным кіраванні, заснаваным на грунтоўным навуковым псіхолага-педагагічным падыходзе. Унікальнасць і складанасць моўнай сітуацыі, якая характарызуецца функцыянаваннем у рэспубліцы беларуска- рускага блізкароднаснага білінгвізму, патрабуе пэўнай спецыфічнай арганізацыі выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з неабходнасцю засваення дзвюх моў.
Авалоданне беларускай мовай у дзiцячым садку адбываецца у адпаведнасцi з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі.
Маўленне - унікальны і ўніверсальны сродак многіх відаў дзейнасці. Немагчыма развіваць маўленне дзіцяці "ўвогуле", безадносна да той ролі, якую яно выконвае ў яго жыцці, не ўключаючы маўленне ў тую ці іншую дзейнасць. Галоўным пабуджальным матывам праяўлення маўленчай актыўнасці з'яўляецца сумесная дзейнасць дарослым.
Калыханкі, забаўлянкі, прымаўкі, песні, казкі - вось тыя дасканалыя мастацкія формы фальклору, з дапамогай якіх мы знаёмім дзяцей з багаццем і разнастайнасцю навакольнага свету.
Перш за ўсё, мы праслухоўваем і абыгрываем з дзецьмі беларускія народныя калыханкі, песенькі, забаўлянкі, кароткія вершыкі, да якіх далучаюцца адпаведныя зместу дзеянні і рухі, паўтарэнні асноўных слоў, выразаў. Вабяць малых такія дзеянні як закалыхванне лялек, плясканне ў далоні, прытупванне, падскокі і т. п. Расказванне невялікіх па аб'ёму казак суправаджаем інсцэніроўкамі.Дзецям вельмі падабаецца, калі ў вершыку называецца канкрэтнае імя. Маленькія дзеці ўдзельнічаюць у простых карагодных гульнях кшталту "Знаёмства" (напрыклад, "Адгадай, чый галасок?", "Хто схаваўся?" і інш.) гэтыя гульні садзейнічаюць наладжванню дзіцячых узаемаадносін, выклікаюць у дзяцей жаданне ўступіць у зносіны, значыць і размаўляць адно з адным. Дзецям падабаюцца такія гульні, а гэта добрая падстава для выхавання цікавасці да беларускай мовы, першапачатковага развіцця беларускага маўлення. Захапіўшыся гульнёй, дзеці не заўсёды заўважаюць, што яна вядзецца на беларускай мове, і міжволі засвойваюць асобныя словы, выразы, песенькі. Для паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дашкалят выкарыстоўваем лялек-беларусаў: дзяўчынку Паўлінку і хлопчыка Янку. Яны паасобку альбо разам прыходзяць да дзяцей, цікавяцца іх заняткамі, гульнямі, размаўляючы толькі па-беларуску: задаюць пытанні, называюць асобныя прадметы, што знаходзяцца ў дзяцей, выконваюць розныя дзеянні з імі, расказваюць нескладаныя гісторыі. Такім шляхам наладжваюцца сітуацыйна-дзелавыя зносіны на беларускай мове.
Такім чынам, у першыя тры гады жыцця дзяцей трэба выкарыстоўваць тыя формы работы, якія спрыяюць развіццю пачуцця беларускага маўлення шляхам азнаямлення іх з лепшымі ўзорамі жывога беларускага слова, а таксама фарміраванню першапачатковых навыкаў маўлення на роднай мове.