ДАІ нагадвае: "Стань больш прыкметнымі ў цемры!"
Увосень дзень імкліва знікае, надыходзіць змрок і ноч, да цёмнага часу сутак дадаюцца дажджы і туман, якія пагаршаюць бачнасць на дарозе і ствараюць небяспеку для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Вадзіцелям складаней адрэагаваць на раптоўнае ўзнікненне перашкоды, няхай гэта будзе пешаход, веласіпедыст, конны воз або пакінуты без габарытаў транспартны сродак. Статыстыка дарожна-транспартных здарэнняў па Гомельскай вобласці сведчыць аб тым, што са змяншэннем працягласці светлавога дня адбываецца павелічэнне колькасці наездаў на пешаходаў.
Пры руху ў цёмны час сутак, па неасветленых дарогах кіроўца бачыць толькі тую частку дарогі, якая асвятляецца фарамі аўтамабіля. Невыразны сілуэт пешахода зліваецца з цемрай і становіцца практычна нябачным. Каб стаць прыкметнымі ў цемры веласіпедыстам і пешаходам неабходна выкарыстоўваць камізэлькі павышанай бачнасці, бранзалеты імгненнай фіксацыі, павязкі, значкі са святлоадбіўных элементаў.
Для кіроўцы аўтамабіля, чалавек у цёмным адзенні прыкметны на адлегласці 25-30 метраў пры блізкім святле фар. Адзенне ж са святлівымі ўстаўкамі дазваляе заўважыць пешахода або веласіпедыста на адлегласці 130-140 метраў. Пры далёкім святле фар катафоты, бліскучыя флікеры свецяцца на адлегласці да 400 метраў. Чым больш святлоадбівальнікаў на вопратцы і рэчах чалавека, які ідзе ў прыцемках, тым больш прыкметным ён для вадзіцеляў, і тым меншая верагоднасць няшчаснага выпадку.
Паважаныя пешаходы і веласіпедысты!
Не забудзьцеся пазначыць сябе ў цемры! Беражыце сябе!
АДАІ Рагачоўскага РАУС